Сёння ў рамках святкавання 100-годдзя раёна была адкрыта новая экспазіцыя ў Лагойскім краязнаўчым музеі.

Адпаведны настрой ствараўся яшчэ ў фае Цэнтра культуры. Тут працаваў “Чайны пакой”, дзе можна было сфатаграфавацца з графіняй Тышкевіч, іграла класічная музыка ў выкананні педагогаў Лагойскай дзіцячай школы мастацтваў.

Стварэнне новай пастаяннай экспазіцыі, прысвечанай гістарычнай спадчыне, планавалася даўно: навуковымі супрацоўнікамі вялася глабальная работа па падрыхтоўцы матэрыялу, напісанні тэматыка-экспазіцыйнага плана. Нарэшце, гэта стала магчымым дзякуючы фінансаванню праекту Менскам абласным камітэтам. За яго рэалізацыю ўзяліся прадпрымальнікі Пётр і Андрэй Лабковічы.

– Вопыт у стварэнні пастаянных экспазіцый у нас немаленькі, – паведаміў Пётр Віктаравіч. – На нашым рахунку больш за 50 музейных экспазіцый, у тым ліку такія музеі як “Слуцкія паясы” ў Слуцку, “Белавежская пушча” і многія іншыя.

Аб стварэнні экспазіцыі ў Лагойску Пётр Лабковіч кажа, што працаваць над ёй ім з напарнікам было цікава, паколькі, па-першае, гэта было стварэнне зусім новай формы, а па-другое, для працы ім далі дастаткова багаты матэрыял.
– Мне здаецца, што заказчык застаўся задаволены, – рэзюмаваў Пётр Віктаравіч.

Сам жа ён лічыць, што няма мяжы дасканаласці, і, калі б у іх было больш часу на вывучэнне матэрыялу, можна было б крыху змяніць рашэнне. “Аднак мы былі звязаныя зацверджаным праектам і ўмовамі, якія прадстаўлялі падчас тэндэру”.

Падчас урачыстага адкрыцця Пётр і Андрэй Лабковічы перадалі сімвалічны ключ дырэктару Лагойскага музея Святлане Гамеза.

Андрэй Пятровіч разам са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Ласевічам і дырэктарам музея перарэзалі чырвоную стужачку і тым самым адкрылі экспазіцыю да наведвання.

Пры гэтым урачыстым моманце прысутнічалі ганаровыя госці: супрацоўнікі Мінскага абласнога краязнаўчага музея на чале з яго дырэктаркай Аленай Чарнецкай, старшыня раённага Савета дэпутатаў Людміла Муравіцкая, намеснікі старшыні Лагойскага райвыканкама, кіраўнікі арганізацый раёна.

Навуковы супрацоўнік Святлана Грынь правяла для гасцей экскурсію.

Новая экспазіцыя ўмоўна падзяляецца на тры часткі: старажытны Лагойск, дзейнасць Тышкевічаў і сялянскі побыт.

Наведвальнікі могуць убачыць якім быў старажытны Лагойск – макет старажытнага драўлянага замка прадстаўлены ў першай частцы музея. Тут жа размешчаны артэфакты, знойдзеныя пры археалагічных раскопках. “Ахоўвае” гэтае багацце сярэднявечны рыцар.

У другой частцы адноўлены кабінет Тышкевічаў, у якім “вядуць гутарку” Яўстафій і Канстанцін: статуі ў натуральную велічыню нібы застылі ў часе.

Цікавасць у гэтай частцы музея выклікае і макет замка, ад якога, на жаль, сёння засталіся толькі фрагменты, а таксама Свята-Мікалаеўскай царквы і старога касцёла Святога Казіміра.

Пераўтварылася і трэцяя частка экспазіцыі. Зайшоўшы сюды, мы нібы трапляем у беларускую хатку дарэвалюцыйнага перыяду. Печ, бабін кут, калыска, верацяно і мялка і іншыя атрыбуты сельскага побыту.

На гасцей свята абноўленая экспазіцыя зрабіла станоўчае ўражанне.

– Карыстаючыся выпадкам, хачу запрасіць да нас у музей жыхароў і гасцей раёна, – паведаміла Святлана Гамеза.

– Дзверы музея заўсёды адчыненыя для дапытлівых наведвальнікаў, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю.

Ірына Станкевіч.

Арыгінал навіны на logoisk.by