Яўстафій Піевіч Тышкевіч

Яўстафій Піевіч Тышкевіч

Заснавальнікам беларускай навуковай археалогіі з’яўляецца малодшы брат Канстанціна Яўстафій, нарадзіўся ён у 1814 г. Атрымаў пачатковую хатнюю адукацыю. У 1824 г. паступіў у Віленскую гімназію, але пасля перавёўся ў Мінскую. Сваю навуковую дзейнасць Яўстафій Тышкевіч распачаў у 1837 г. Археалагічныя даследаванні пачаў з раскопак курганоў у ваколіцах Лагойска.

Здабытыя пры раскопках багатыя археалагічныя матэрыялы разам з іншымі рарытэтамі (калекцыі манет і гербаў, старажытныя рукапісы і кнігі, зброя рыцараў і творы мастацтва, рэчы замежнага паходжання і інш.) дазволілі стварыць хатні музей, адкрыццё якога адбылося ў 1842 г. Музей стаў першым у Беларусі публічным музеем.

Адначасова з археалагічнымі раскопкамі Яўстафій Тышкевіч на працягу дзесяці гадоў збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, тапаніміку, вуснай народнай творчасці роднага краю. Напісаў кнігу “Апісанне Барысаўскага павета”, якая выйшла ў Вільні ў 1847 г.

Але важнейшай яго жыццёвай справай было стварэнне Віленскага музея старажытнасцей і археалагічнай камісіі пры ім. Музей быў створаны на асабістыя сродкі Яўстаха Тышкевіча, і часткова на прыватныя ахвяраванні. Асноўную частку фондаў і экспазіцыі склалі сабраныя ім на працягу ўсяго жыцця матэрыялы. Сярод іх 2000 прадметаў з археалагічных раскопак і 3000 кніг з уласнай бібліятэкі. Віленскі музей старажытнасцей быў урачыста адкрыты 1. 1. 1856 г. у будынку Віленскага ўніверсітэта.

Пасля падаўлення паўстання К. Каліноўскага, музей быў расфарміраваны, а ўсе калекцыі былі перададзены ў музеі Масквы і Польшчы. Пазней, дзякуючы намаганням археолага І.І. Луцкевіча, частка збору Тышкевічаў была знойдзена і ўвайшла ў фонд Беларускага музея ў Вільні. Аднак і гэты музей быў расфарміраваны.

Памёр Яўстафій Тышкевіч 27. 08. 1873 г. Пахаваны на могілках Росы ў Вільні побач з магілай Уладзіслава Сыракомлі.