Палац Тышкевічаў

Архіўныя дакументы канца XVIII ст. сведчаць аб тым, што ў Лагойску існаваў рынак, вуліцы Віленская, Мікольская, Спаская і прадмесце. Налічвалася 22-24 рамеснікі. Шыццём займаліся 5 чалавек, 4 млынара, 3 каваля, адзін пекар, меднік, цэсляр, бляхар, слесар гарбар і іншыя. Налічвалася каля 120 драўляных дамоў, стаяў базыльянскі манастыр, на левым беразе ракі Гайна знаходзіўся касцёл Св. Казіміра, былі драўляныя цэрквы, сінагога, 3 разы на год праводзіліся кірмашы.

Асаблівага росквіту Лагойск дасягнуў у ХІХ ст. У 1801 г. граф Пій Феліцыянавіч Тышкевіч стаў адзіным паўнаўладным уладальнікам лагойскага маёнтка. У 1815 г. ён пабудаваў двухпавярховы мураваны палац у стылі класіцызму. Уяўленне аб палацы даюць акварэль Н. Орды (1864-1876 г.), літаграфія 1883 г. і фотаздымак 20-х гадоў ХХ ст.

Лагойскі палац Тышкевічаў. Малюнак Напалеона Орды

Манументальны будынак быў узняты на высокі цокаль прамавугольнай формы (70×20 м). На сядзібным двары знаходзіліся “кухар”, лядоўня, стойня, вазоўня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Каля палаца быў заснаваны парк. Аб’ёмную кампазіцыю палаца фармавалі тры злучаныя паміж сабой часткі: сярэдняя 2-павярховая і дзве бакавыя аднапавярховыя. Сярэдні корпус палаца на фасадзе вылучаўся глыбокім шасцікалонным порцікам. Яго рассунутыя калоны па цэнтры фланкіравалі шырокі цэнтральны праезд і бакавыя пандусныя праезды. Калоны неслі гладкі антаблемент з карнізам і 2-ярусны прастакутны атык з трохкутным франтонам у завяршэнне – тыповая ампірная форма.

З паркавага боку ў палаца вельмі добрае праглядаўся паўкруглы эркер з шасцю прысценнымі калонамі і закругленым ацікам у завяршэнні. Вакол эркера, узнятага на высокі, цокальны паўпавярх, праходзіла назіральная тэраса са спускамі, з якой адчыняліся паркавыя пейзажы.

Фотаздымак Льва Дашкевіча 1923 год

Усе часткі палаца былі накрыты двухсхільным дахам. Парадныя апартаменты палаца нагадвалі музейную анфіладу. Тут у 2-х вялізных прадаўгаватых залах былі прадстаўлены рэчы з багатага музейнага збору. Мастацкае афармленне інтэр’ераў было выканана ў стылі ампір. Мяркуецца, што гэтыя залы знаходзіліся на 1-м паверсе бакавых крылаў палаца.

Погляд на палацавы сад з боку ракі Гайна.

Пад музейную экспазіцыю былі адведзены залы-ратонды абодвух паверхаў цэнтральнага паўкруглага эркера. Яшчэ і зараз пад руінамі палаца праглядаецца вялікія скляпеністыя падвалы.

Літаграфія 1883 года

Аўтарам апошняга, больш поўнага спісу экспанатаў музея быў Юзэф Тышкевіч. Ён паведамляе, што калекцыя складалася з 2 залаў, адна з іх была вялікай, другая крыху менш. Акрамя таго, у зале-сталовай знаходзілася некалькі дзясяткаў радавых партрэтаў гетманаў, біскупаў і архімандрытаў.

Выява, грунтуючыся на якім, відаць, і была зроблена літаграфія 1883 года

У 1826—1827 гг. Пій Тышкевіч пабудаваў новую уніяцкую драўляную Мікалаеўскую царкву.

Аландашны малюнак палаца

У 1840 г. Лагойск быў невялікім мястэчкам, у цэнтры якога знаходзіўся рынак, які ўзнік на скрыжаванні галоўнай артэрыі руху і меншай вуліцы. З трох бакоў рынак быў забудаваны дамамі рамеснікаў. Асноўнай вуліцай мястэчка была Віленская, якая ішла на рынак. З процілеглага боку да рынку падыходзіла вуліца Плешчаніцкая. На замак ад рынку вяла вуліца Замкавая. У супрацьлеглым напрамку вуліцы Замкавай ад рынку пачыналася вуліца Спаская. Ад вуліцы Плешчаніцкай амаль паралельна Гайне ішла вуліца Мікольская.

Руіны палаца Тышкевічаў