Назва лялечнага тэатра “Батлейка” паходзіць ад слова Бетлеем – скажоная назва горада Віфлеем, у якім паводле біблейскага падання, нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пра сувязь паходжання батлейкі з біблейскай тэмай сведчаць кананічныя сюжэты пастаноўкі»Цар Ірад”. Іншыя варыянты назвы-Батлейка, вяртэп, батлеемка, остмейка, жлоб, Віфлеем, яселка. У абласцях Беларусі, якія мяжуюць з Польшчай, прынята назва “шопка” (ад польскага szopka — сенавал). Прынята лічыць, што Тэатры батлеечнага тыпу з’явіліся ў Еўропе ў XV стагоддзі. У Беларусі батлейка атрымала распаўсюджванне з XVI стагоддзя, куды гэты від народнага тэатра прыйшоў з Украіны і Польшчы. Для беларускага батлеечнага тэатра характэрныя тыя ж асаблівасці, што і для еўрапейскіх батлеечных тэатраў сярэднявечча.
Тэатр лялек «Батлейка» быў створаны ў 2016 г. годзе на базе дзяржаўнай установы культуры «Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў». У яго склад уваходзяць, захопленыя тэатральнай дзейнасцю, творчыя, энергічныя, таленавітыя людзі, якія, дзякуючы сваёй дзейнасці, адыгрываюць вялікую ролю ў фармаванні асобы дзіцяці. Лялечныя спектаклі дастаўляюць шмат радасці, прывабліваюць сваёй яркасцю, маляўнічасцю, дынамікай, уздзейнічаюць на гледачоў, уплываюць на развіццё мастацкага густу. Лялька, якая грае на сцэне, жыве для дзіцяці не ўмоўна, яна – рэальнасць, ажыўшая казка. У адрозненне ад тэлевізійных перадач і мультыплікацыйных фільмаў, яна рэальна бачная ў трохмернай прасторы і матэрыяльна адчувальная, прысутнічае побач, яе можна памацаць. Дашкольнікі і малодшыя школьнікі вельмі ўразлівыя і хутка паддаюцца эмацыйнаму ўздзеянню. Яны актыўна ўключаюцца ў дзеянне, адказваюць на пытанні, якія задаюцца лялькамі, ахвотна выконваюць іх даручэнні.
Рэпертуар лялечнага тэатра «Батлейка» цікавы, тэматычна і жанрава разнастайны, рэгулярна папаўняецца новымі творамі. Кожны спектакль дапаўняецца інтэрактыўнымі музейна-педагагічнымі заняткамі: «Выраб каляднага анёла», «Святочная сняжынка на ялінку», «Пасхальны зайчык на пальчык», «Магічны шар жаданняў», «Маска: ад міфа да карнавалу» і г.д. Індывідуальны падбор рэпертуару, высокае выканальніцкае майстэрства, цікавыя пастаноўкі спектакляў даюць магчымасць калектыву прымаць удзел у гарадскіх, раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах і святах.
Дзякуючы прафесіяналізму і творчым намаганням мастацкага кіраўніка калектыву, лялечны тэатр «Батлейка» пры ДУК «Лагойскі краязнаўчы музей имя Канстанціна и Яўстафія Тышкевічаў» з’яўляецца пераможцай – дыплом І ступені – VI адкрытага рэгіянальнага фестываля-конкурса батлеечных тэатраў «Чароўны свет батлейкі» ў 2021 г., дыпламантам ІІ ступені – VIІІ адкрытага рэгіянальнага фестываля-конкурса батлеечных тэатраў «Чароўны свет батлейкі» ў 2023 г., а таксама пераможцай у адкрытым рэгіянальным конкурсе традыцыйных батлеечных калектываў “Батлейка Патупчыка запрашае” – дыплом І ступені. У снежані 2023 г. Лагойскі тэатр лялек “Батлейка” атрымала ганаровы статус народнага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь.
З кожным годам пашыраецца кола прыхільнікаў нашага тэатра, з’яўляюцца новыя тэхнічныя магчымасці для пастаноўкі спектакляў, удсканальваецца выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў. Наперадзе ў творчага калектыва шмат цікавых задумак і планаў, якія абавязкова здзейсняць таленавітыя артысты.