Славутасці

Свята-Мікалаеўская царква

Упершыню царква ў Лагойску згадваецца ў 1387г. Асвечана яна была ў гонар Іаана Прадцечы. Затым яна знікае са старонак крыніц, а з’яўляецца Богаяўленская, якая згарае ў 1620-х гг. Аднаўляецца яна ўжо не як праваслаўная, а як уніяцкая. У ХІХ ст. згадваюцца яшчэ Юр’еўская, Мікалаеўская і Прачысценская (на месцы сучаснай Свята-Мікольскай) царквы. Аднак яны знаходзіліся ў трухлявым стане, аднаўляць іх было дорага. Таму было вырашана замест іх усіх пабудаваць адну мураваную, што і было зроблена ў 1866г. Пабудавана яна была на месцы Прачысцінскай і асвечана ў гонар Святога Мікалая. У царквы раней стаяў яшчэ і помнік Аляксандру ІІІ.

Унутры самой царквы зараз знаходзіцца спіс іконы Лагойскай Божай Маці. Характэрным у гэтым абразе з’яўляецца тое, што дзіця апрануты на ім не ў хітон, як гэта прынята ў іканапісе, а ў простую кашулю з вышыўкай, а таксама благаслаўленне адбываецца не адной рукой, а дзвюма. Цікавы лёс гэтай іконы: мяркуюць, што першапачаткова яна знаходзілася ў сценах Прадцечанскай царквы, потым – Богаяўленскай. Калі ж Богаяўленская царква становіцца ўніяцкай, абраз знікае і выяўляецца толькі праз некаторы час у калекцыі Тышкевічаў. Пасля яна зноў знікае і з’яўляецца ў калекцыі Татура, які і перадае яе ў Лагойск у 1907г. Аднак абразу наканавана было зноў знікнуць. Дзе яна зараз – невядома, а ў царкве ёсць толькі яе спіс.

Касцёл Святога Казіміра

Першы касцёл у Лагойску быў пабудаваны ў 1609г. Аднак ён быў драўляным, у гады руска-польскай вайны згарэў. Быў адноўлены і зноў спалены шведамі. Тады ў 1787г. было вырашана ўзводзіць касцёл з каменя. Асвечана святыня ў гонар Святога Казіміра. У 1806г. Пій Тышкевіч перанясе на вежу касцёла гадзіннік з ратушы. Праіснаваў касцёл гэты да 1950-х гг., быў узарваны. Знішчана была і крыпта, у якой ляжалі астанкі прадстаўнікоў роду Тышкевічаў. Мясцовыя жыхары расказвалі, што раз на год можна было зайсці ў крыпту і паглядзець на шкляную труну, у якой быў пахаваны адзін з прадстаўнікоў роду. Адбудаваны ж касцёл у 1999г. У сценах яго закладзена пліта са старога касцёла. Падрабязней..

Крыніца Свяціцеля Мікалая Цудатворца

У лагойскім парку вельмі шмат крыніц. Кажуць, што дарожак у ім было столькі, колькі і крынічак. Асобныя з іх не проста цяклі, а нават фантанавалі. Прычым асаблівасцю лагойскіх крыніц з’яўляецца тое, што яны могуць у любы час знікнуць і з’явіцца ў іншым месцы. Крыніца ля падножжа царквы не мяняе свайго становішча ўжо вельмі даўно. У 2005 годзе на яго асвятленне і на асвятленне купелі прыязджаў Мітрапаліт Філарэт.

 

Парк і Палац Тышкевічаў

Палац, ад якога засталіся толькі руіны, быў пабудаваны пры Піе Тышкевічу ў 1814-1819гг. Адначасова быў закладзены і парк англійскага тыпу. Сёння гэта парк культуры і адпачынку г. Лагойска. Падрабязней…