У 1609 г. Аляксандр Юр’евіч Тышкевіч, унук заснавальніка знакамітага магнацкага роду, прыняў каталіцтва і ў знак пераходу ў лацінскі абрад заснаваў у Лагойску касцёл пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра. Храм пабудавалі на ўзгорку за ракой Гайна. Тады гэта была невялікая драўляная святыня, якая згарэла падчас вайны з Расіяй у 1655, але, пабудаваная нанава, была яшчэ раз знішчана ў часы шведскага нашэсця ў 1706 годзе.
У 1709 г. драўляны касцёл зноў узвялічыўся над Лагойскам. Ён быў залавы, у выглядзе крыжа, з дзвюма вежамі і двума бабінцамі, пакрыты гонтамі. Над фронтам галоўнага фасада ўзвышалася невялікая вежа, падобная да яе была над галоўным алтаром і яшчэ адна вежа — у цэнтры касцёла. Столь ля святыні была падвесная, на бэльках. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі чатыры двух’ярусныя, «на оптыцы маляваныя», алтары. Побач з будынкам стаяла двух’ярусная драўляная званіца, крытая гонтай. Пры Лагойскім касцёле дзейнічалі парафіяльная школа, шпіталь, братэрства Сэрца Езуса, заснаванае ў 1747 годзе.
17 красавіка 1787 г. граф Тышкевіч, генерал войскаў літоўскіх, пачаў узвядзенне ў Лагойску новага каменнага касцёла. Завяршыў будаўніцтва ўжо яго сын Вікенцій, і 20 кастрычніка 1793 г. новы касцёл у стылі класіцызму быў асвечаны пад ранейшым тытулам св. Казіміра. Будынак быў залавым, прамавугольным пляцам, даўжынёю – 31 і шырынёю – 16 аршын (каля 22 x 11,4 м) пад двухсхільным гонтавым дахам з сігнатуркай над алтаром, флангаваным двума двухпавярховымі створкамі. У 1806 годзе над чатырохкалонным порцікам галоўнага фасада святыні ўзнеслася высокая вежа з гадзіннікам, перанесеным сюды са скасаванай Лагойскай ратушы. Галоўны алтар касцёла быў намаляваны ў тэхніцы ілюзіяністычнага жывапісу, тым не менш плоская сцяна апсіды мела нішу, у якой з 1817 г. знаходзілася драўляная фігура Езуса ў натуральную велічыню. У 1843 г. сюды прывезлі рэліквіі св. Казіміра. Бакавыя алтары, таксама «аптычна маляваныя» – св. Антонія і Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі – заканчваліся абразамі св. Вікенція і св. Казіміра адпаведна ў круглых рамах. Яшчэ адзін алтар – велічнае Укрыжаванне – знаходзіўся ў крыпце пад касцёлам, дзе знайшлі спачын многія пакаленні Тышкевічаў.
У 1907 царкоўнай тэрыторыя была абнесена новай каменнай агароджай з варотамі ў выглядзе цагляных абтынкаваных слупоў. Справа ад святыні ў агароджу была ўбудавана двухпралётная каменная званіца. На гэты час у Лагойску парафіі налічвалася больш за 5200 вернікаў. Абслугоўвалі парафію і капліцы ў Емяльянаве і Тадуліне (цяпер у Смалявіцкім раёне), а таксама капліца на Лагойскіх парафіяльных могілках. Апошняя была пабудавана ў цэнтры могілак яшчэ ў 1793 годзе з матэрыялаў разабранага старога драўлянага касцёла. Квадратная ў плане (каля 6,5 x 6,3 м), пакрытая гонтай і завершаная купалам да званоў, капліца была асвечана ў 1795 г. Алтар яе быў ілюзорна распісаны на дошках. Існавала яшчэ капліца ў палацы Тышкевічаў, унутры панскага дома, зробленая ў 1814 годзе.
Касцёл св. Казіміра дзейнічаў да 1950-х гг., але пасля яго закрылі і з цягам часу разабралі.
У канцы 1980-х гг. на гэтым месцы быў устаноўлены крыж і вернікі пачалі дабівацца дазволу на будаўніцтва новага касцёла. Улетку 1999 года будаўнічыя работы скончыліся, і 19 чэрвеня касцёл быў зноў асвечаны пад тытулам св. Казіміра. Гэта прамавугольны ў плане, цагляны, з невялікім трансептам і 2 прытворамі пры алтары, будынак. Налева ад уваходу асіметрычна прыбудавана вежа-званіца.
Заходнюю частку Лагойскай парафіі з пачатку ХХ ст. абслугоўвала драўляная капліца на могілках у вёсачцы Харужанцы. У яе алтары знаходзіўся абраз Найсвяцейшай Панны Марыі. Капліца дзейнічала да канца 1930-х гг.