Канстанцін Піевіч Тышкевіч

Канстанцін Піевіч Тышкевіч

Канстанцін Тышкевіч нарадзіўся 17.2.1806 г. Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта працаваў у Міністэрстве фінансаў Каралеўства Польскага, але неўзабаве вярнуўся ў родны Лагойск, дзе заняўся гаспадарчай і навуковай дзейнасцю: дапамагаў малодшаму брату Яўстафію ў археалагічных раскопках, заснаваў палатняную мануфактуру. Менавіта Канстанцін Тышкевіч паклаў пачатак вывучэнню старажытных гарадоў Лагойска і Заслаўя, абследаваў старажытныя гарадзішчы. Ён першы на Беларусі пачаў ствараць тапаграфічныя планы гэтых помнікаў.

У 1857 г. на свае сродкі і на сваім уласным судне “Марыя” Канстанцін Тышкевіч ажыццявіў 4-месячнае падарожжа па р. Вілія. За гэты час ён наведаў і вывучыў каля 300 вёсак і мястэчак. Вынікі падарожжа ляглі ў аснову яго фундаментальнай кнігі «Вілія і яе берагі» (выйшла пасмяротна, у 1871 г. у Дрэздэне). І сёння арганізоўваюцца плаванні “Шахам Тышкевіча” па берагах Віліі, у якіх бяруць удзел і супрацоўнікі музея.

Матэрыялы, атрыманыя пры раскопках, Канстанцін Тышкевіч перадаваў у музей старажытнасцей, размешчаны ў іх родавым маёнтку ў Лагойску. Акрамя багатых археалагічных калекцый, у музеі таксама была вялізная нумізматычная, этнаграфічная калекцыі, калекцыя рукапісных кніг, калекцыя жывапісу не толькі мясцовых майстроў, але і шэдэўры італьянскага і французскага жывапісу, рарытэты з Геркуланума і Пампеі, а таксама шабля Пятра I і пазалочаны меч Стэфана Баторыя і інш.

Памёр Канстанцін Тышкевіч у 1868 г. і пахаваны ў Лагойску на тэрыторыі касцёла Святога Казіміра.