Наведвальніку

ГІСТОРЫЯ ЗАСНАВАННЯ

Без ведання мінулага немагчыма паспяховая будучыня. Менавіта таму ў нашай краіне захаванню гістарычнай памяці надаецца вялікая ўвага. Несумненна, значную ролю ў фарміраванні гістарычнай памяці і патрыятычным выхаванні дзяцей і падлеткаў адыгрываюць музеі.
Дзяржаўная ўстанова культуры  “Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў ”  быў заснаваны ў адпаведнасці з прынятай у 1999 годзе праграмай перспектыўнага развіцця музейнай сеткі ў Мінскай вобласці.
 Разумеючы аб’ектыўную неабходнасць у наяўнасці краязнаўчых музеяў у кожным раённым цэнтры, мясцовым выканаўчым камітэтам у ліпені 2000 года было прынята рашэнне аб стварэнні музея ў Лагойску. У 2004 годзе пачаў дзейнічаць калектыў рабочай групы па стварэнні музея. І толькі ў 2013 годзе Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей імя Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў атрымаў статус дзяржаўнай установы культуры і адкрыў першы раздзел стацыянарнай экспазіцыі – рабочы кабінет братоў Тышкевічаў.
На сённяшні дзень у музеі, які размешчаны ў будынку Цэнтра культуры г.Лагойска, дзейнічаюць 3 залы: выставачная і 2 экспазіцыйных: “Падзеі і людзі” і “Музей у музеі”.
У выставачнай зале сістэматычна разгортваюцца часовыя экспазіцыі майстроў айчыннага жывапісу, вырабаў народных майстроў Беларусі, калекцый з іншых музеяў, а таксама праводзяцца камерцыйныя выставы.
У экспазіцыйнай зале “Падзеі і людзі” наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з матэрыяламі, якія апавядаюць пра подзвігі савецкіх воінаў, якія гераічна змагаліся за нашу малую радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пра подзвігі воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У экспазіцыйнай зале “Музей у музеі” прадстаўлена інфармацыя аб старажытнай гісторыі горада, жыцця і навуковай дзейнасці братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў.
Асноўны напрамак дзейнасці музея – экскурсіі па залах музея, па памятных месцах горада і раёна, чытанне лекцый для навучэнцаў, музейна-педагагічныя заняткі, квэсты і квэст-экскурсіі. Таксама на базе музея дзейнічае аматарскі народны тэатр лялек “Батлейка”. Штогод у  музеі праводзяцца тышкевіцкія чытанні і дзіцячыя Тышкевіцкія пленэры.